Археаграфічная камісія

Гістарычная даведка

Археаграфічная камісія створана ў адпаведнасці з рашэннем калегіі Дзяржаўнага камітэта па архівах і справаводстве Рэспублікі Беларусь ад 28 кастрычніка 1999 г.

Археаграфічная камісія аднавіла традыцыі археаграфічнай працы ў Беларусі, закладзеныя яшчэ ў ХIХ—пачатку ХХ ст. Віленскай археаграфічнай камісіяй (1864—1915 гг.), Віцебскай вучонай архіўнай камісіяй (1909—1919 гг.) і Археаграфічнай камісіяй Інстытута беларускай культуры (2-я палова 1920-х гг.). Археаграфічная дзейнасць у Беларусі перарвалася ў пачатку 1930-х гг. і зноў была арганізавана з канца 1940-х гг.

02 06 2023 1

Старшыні Віцебскай вучонай архіўнай камісіі:
В.С. Арсеньеў, В.А. Кадыгробаў, К.І. Ціхаміраў

Пачынаючы з гэтага часу публікацыю матэрыялаў, якія датычацца дакументальнай спадчыны Беларусі, ажыццяўлялі рэспубліканскі орган кіравання архіўнай справай, архіўныя ўстановы краіны, Інстытут гісторыі партыі пры ЦК КПБ, Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, іншыя навуковыя ўстановы. У арганізацыю археаграфічнай работы ў Беларусі, папулярызацыю гістарычных крыніц вялікі ўклад унеслі айчынныя гісторыкі і крыніцазнаўцы Мітрафан Доўнар-Запольскі, Дзмітрый Даўгяла, Мікалай Улашчык і інш.

Стварэнню Археаграфічнай камісіі ў канцы ХХ ст. папярэднічала шырокае абмеркаванне праблем стану айчыннай археаграфіі на старонках навукова-практычнага часопіса «Архівы і справаводства», падчас правядзення шэрагу навуковых канферэнцый (у тым ліку і міжнародных), арганізаваных Дзяржаўным камітэтам па архівах і справаводству Рэспублікі Беларусь, Беларускім навукова-даследчым інстытутам архіўнай справы і справаводства, гістарычным факультэтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Арганізатарам і першым старшынёй Археаграфічнай камісіі ў 1999—2001 гг. быў доктар гістарычных навук, прафесар Расціслаў Пятровіч Платонаў (1930—2001).

02 06 2023 2

Першы старшыня Археаграфічнай камісіі Р.П. Платонаў

Пад грыфам Археаграфічнай камісіі выдадзены шэраг навуковых работ, якія атрымалі прызнанне як у Беларусі, так і за яе межамі.


Статус

Згодна з Палажэннем аб Археаграфічнай камісіі, зацверджаным Дырэктарам Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь 13 сакавіка 2014 г., яна з'яўляецца ведамасным каардынацыйным, навукова-метадычным і публікацыйным цэнтрам у галіне археаграфіі.

Археаграфічная камісія працуе на грамадскіх пачатках. Базавай арганізацыяй Археаграфічнай камісіі Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь з'яўляецца БелНДIДАС, на які ўскладзена арганізацыйнае забеспячэнне яе дзейнасці.

Навуковым выданнем Археаграфічнай камісіі і БелНДIДАС з'яўляецца «Беларускі археаграфічны штогоднік», які выдаецца з 2000 г. і ў 2005 г. уключаны ў Пералік навуковых выданняў Рэспублікі Беларусь для апублікавання вынікаў дысертацыйных даследаванняў, зацверджаны Вышэйшай атэстацыйнай камісіяй Рэспублікі.

Напрамкі дзейнасці

  • Каардынацыя археаграфічнай працы архіўных устаноў Рэспублікі Беларусь.
  • Кансалідацыя архівістаў і навукоўцаў, якія займаюцца археаграфічнай працай.
  • Складанне планаў археаграфічнай работы ўстаноў Дзяржаўнай архіўнай службы Рэспублікі Беларусь.
  • Навуковае рэцэнзаванне падрыхтаваных да друку зборнікаў дакументаў, якія ўваходзяць у План публікацый дакументаў Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь установамі Дзяржаўнай архіўнай службы Рэспублікі Беларусь.
  • Правядзенне навуковых канферэнцый па тэарэтычных, метадычных і практычных праблемах археаграфіі.

Структура

У склад Археаграфічнай камісіі ўваходзяць прадстаўнікі дзяржаўных архіўных устаноў Рэспублікі Беларусь, іншых навукова-даследчых арганізацый, ВНУ, музеяў, бібліятэк, грамадскіх аб'яднанняў.

Археаграфічная камісія ажыццяўляе сваю дзейнасць на падставе зацверджанага Палажэння і рашэнняў, якія прымаюцца агульным сходам Археаграфічнай камісіі, пасля іх зацвярджэння Дырэктарам Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Пасяджэнні агульнага сходу Археаграфічнай камісіі праводзяцца не радзей як адзін раз на два гады.

Выканаўчым органам Археаграфічнай камісіі з'яўляецца Бюро, да кампетэнцыі якога адносіцца падрыхтоўка планаў работы Археаграфічнай камісіі і справаздач аб яе дзейнасці, падрыхтоўка планаў публікацыі дакументаў Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь, каардынацыя дзейнасці аддзяленняў і секцый Археаграфічнай камісіі, арганізацыя і правядзенне канферэнцый, круглых сталоў і іншых навуковых мерапрыемстваў па напрамках дзейнасці Археаграфічнай камісіі.

Кіраўніцтва Археаграфічнай камісіі:

Першы намеснік старшыні:

Шумейка Міхаіл Фёдаравіч — вядучы навуковы супрацоўнік аддзела архівазнаўства БелНДIДАС, кандыдат гістарычных навук, дацэнт.

Намеснікі старшыні:

Жалняркевіч Рыгор Сцяпанавіч — начальнік аддзела арганізацыйнай работы, інфармацыі і выкарыстання дакументаў Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

Пазнякоў Валерый Сямёнавіч — загадчык аддзела археаграфіі БелНДIДАС, кандыдат гістарычных навук.

Бюро Археаграфічнай камісіі:

Старшыня:

Шумейка Міхаіл Фёдаравіч — вядучы навуковы супрацоўнік аддзела архівазнаўства БелНДIДАС, кандыдат гістарычных навук, дацэнт.

Намеснік старшыні:

Пазнякоў Валерый Сямёнавіч — загадчык аддзела археаграфіі БелНДIДАС, кандыдат гістарычных навук.

Члены Бюро:

Жалняркевіч Рыгор Сцяпанавіч — начальнік аддзела арганізацыйнай работы, інфармацыі і выкарыстання дакументаў Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

Мацвейчык Дзмітрый Часлававіч — загадчык аддзела навукова-даследчай і публікацыйнай дзейнасці Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, кандыдат гістарычных навук.

Селемянёў Вячаслаў Дзмітрыевіч — галоўны архівіст Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, кандыдат гістарычных навук.

Насевіч Вячаслаў Леанідавіч — кандыдат гістарычных навук.

Сакратар:

Рудовіч Станіслаў Сцяпанавіч — вядучы навуковы супрацоўнік аддзела археаграфіі БелНДIДАС, кандыдат гістарычных навук, дацэнт.

Кантактная інфармацыя

Адрас: вул. Крапоткіна, 89/1, каб. 44, 220002, г. Мінск, Рэспубліка Беларусь

Тэл.: +375 17 342 15 58

E-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.

Час работы: панядзелак—пятніца 9.00-13.22; 14.00-18.00 (у пятніцу да 16.15).